Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па сінім
Смаргонскі раённы выканаўчы камітэт
05.01.2022

“Сто гадоў. Без адзіноты”. Юзэфа Кудзіна святкуе юбілей

 Будысцкі манах  Йонге Мінг’юр Рынпочэ, які даўно супрацоўнічае з навукоўцамі, дапамог ім адкрыць сакрэт даўгалецця. Шматгадовыя даследаванні даказалі, што медытацыі запавольваюць старэнне, праўда, не ўсяго арганізма, а толькі мозгу. Некалькі хвілін медытацыі і запаволенне рытму нашага жыцця нават на непрацяглы тэрмін будуць карыснымі. Вучоныя вынеслі вердыкт: медытацыя - тое, што варта практыкаваць кожнаму з нас. А ў маёй гераіні – стагадовай Юзэфы Кудзінай з Жодзішак – свой сакрэт даўгалецця: яна шмат моліцца. “Ад малых дзён я хадзіла ў касцёл, нават калі не можна было. І цяпер з малітвай жыву. Усяго добрага прашу ў Бога для родных, блізкіх, усіх людзей. Каб не хварэлі, каб пандэмія прайшла і вайны не было. Я часам слухаю тэлевізар і дзіўлюся, што ёсць людзі, якія хочуць ваяваць.  Гэта ж жах… Я пра вайну ведаю не па аповедах. Я яе перажыла”, - кажа Юзэфа Міхайлаўна. “Па дакументах мамін дзень нараджэння – 1 студзеня 1922 года, а на самой справе яна нарадзілася яшчэ раней – 22  снежня, - удакладняе дачка юбіляркі. -  Таму віншаванні мама прымае ўжо з Калядаў. Эстонія, Італія, Вільнюс, Сочы, Бранск, Цюмень… Родныя параз’язджаліся ў розныя куткі свету, таму звязваемся толькі з дапамогай сучасных тэхнічных сродкаў сувязі”. Юзэфа Міхайлаўна на свае гады выдатна выглядае, мае цудоўную памяць, даволі рухавая. Між іншым, усё яе жыццё – выпрабаванне на трываласць і цярпенне… Нарадзілася Юзэфка ў Літве. У час Першай сусветай вайны яе бацькі вымушаны былі пакінуць роднае гняздо, бо тут, на Смаргоншчыне, стаяла лінія фронту. Калі вайна скончылася, бацькі і маленькая Юзэфа вярнуліся дадому. “Замуж я выйшла ў 1942 годзе за хлопца, які прыходзіў да бацькі, каб навучыцца кавальскай справе. Каля хаты у нас стаяла кузня, а бацька быў выдатным кавалём.  Муж кавалём не стаў, а вось жонку сабе знайшоў, - усміхаецца мая гераіня. – Я пайшла жыць у Жодзішкі, у сям’ю, дзе, акрамя мужавых бацькоў, былі яшчэ і два браты.  У 1943 годзе дом, дзе мы жылі, разам з суседнімі немцы спалілі. Мы з мужам і маленькай дачкой пераехалі да маіх бацькоў.  Бацькі мужа – да сваякоў. Неўзабаве на месцы пажару ўзвялі невялікую пабудову, куды мы ўсе вярнуліся жыць. Да гэтага часу ажаніўся брат мужа, і ў яго нарадзілася дзіця, а ў нас – яшчэ адно. Дык вось у гэтым невялікім “трысценічку” мы жылі ўсе разам, падвесіўшы пад столь дзве калыскі. Толькі ў 1950-х гадах мы пабудавалі на папялішчы хату, а па суседстве – брат мужа, другі брат з’ехаў з Жодзішак”. Усё жыццё Юзэфа Кудзіна адпрацавала паляводам. Вось як яна ўспамінае той час: “Тэхнікі такой, як цяпер, тады не было. Усё ўручную рабілі. Сеялі, садзілі, капалі, палолі, убіралі… Летам лён церабілі, восенню мялі, а зімой трапалі. Працаваць з лёнам у рукавіцах немагчыма, таму нават пры 20-30 градусах марозу працавалі голымі рукамі. Цяжкая праца, але мы былі маладыя, дужыя, здаровыя, нічога не баяліся. На работу ў калгас хадзіла да 1990 года. А што было рабіць? Помню, першую пенсію атрымала – 37 рублёў, пайшла ў магазін, купіла туфлі мужчынскія за 30 рублёў, 7 рублёў на жыццё засталося”. Тагачасная грашовая арыфметыка не ўражвала. Даводзілася выжываць. Між іншым, Кудзіны выгадавалі чатырох дзяцей. Мужа Юзэфа Міхайлаўна пахавала 22 гады таму, трагічна загінуў адзін з трох яе сыноў. Стагадовая жанчына жыве разам з дачкой. У юбіляркі восем унукаў, дзевяць праўнукаў і тры прапраўнукі. “Параз’язджаліся ўсе па свеце, а каб сабраць разам давялося, то ў хаце і цеснавата было б”, - усміхаецца бабуля. Прызнацца, я люблю такія хаты, як у маёй гераіні. У іх заўсёды можна знайсці цікавыя “экспанаты”. Мая ўвага найперш засяродзілася на самаробнай шафе, якую падрыхтавалі ў пасаг маладой Юзэфе. “Ёй яшчэ больш, чым маме, - зазначыла дачка. – Маміны бацькі заказалі шафу ў вішнеўскага майстра. І перажыла яна столькі! Нават у вайну ўцалела, бо не паспела за нявестай з Сачанят у Жодзішкі прыехаць. У кожнай рэчы, як і ў чалавека, свой лёс і свая гісторыя”. Галіна АНТОНАВА. Фота аўтара.